САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ ЗАМЕ́ЖНЫХ СПРАЎ (СМЗС),
міжнародны орган у складзе міністраў замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая, які існаваў пасля 2-й сусв. вайны «для правядзення неабходнай падрыхтоўчай працы па мірным урэгуляванні». Засн. паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945. За час існавання Савета адбылося 6 яго сесій: 1-я 11.9—2.10.1945 у Лондане, 2-я 25.4—16.5 і 15.6—12.7.1946 у Парыжы, 3-я 4.11—12.12.1946 у Нью-Йорку, 4-я 10.3—24.4.1947 у Маскве, 5-я 25.11—15.12.1947 у Лондане, 6-я 23.5—20.6.1949 у Парыжы. Да 1947 правёў значную работу па выпрацоўцы праектаў мірных дагавораў з краінамі, што ўдзельнічалі ў 2-й сусв. вайне на баку нацысцкай Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй (гл. Парыжскія мірныя дагаворы 1947). Аднак з-за рознагалоссяў бакоў не ўдалося падрыхтаваць праекты мірных дагавораў з Германіяй і Японіяй. Разглядаў і справы, перададзеныя яму па ўзгадненні паміж урадамі — членамі Савета (пытанні пра спагнанне рэпарацый з Германіі, пра перамешчаных асоб, пра дату склікання і працэдуру працы Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 і інш.). Спыніў дзейнасць у 1949.
У.Я.Калаткоў.
т. 14, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)